СЦЫНТЫЛЯЦЫ́ЙНЫ ЛІЧЫ́ЛЬНІК,
адзін з дэтэктараў ядзерных часціц, асн. элементы якога — сцынтылятар і фотаэлектронны памнажальнік (ФЭП). Для змяншэння страт святла сцынтылятар прыклейваюць да катода ФЭП ці злучаюць з ім з дапамогай святлаводаў.
Зараджаная часціца, што праходзіць праз сцынтылятар, разам з іанізацыяй узбуджае атамы і малекулы рэчыва, якія пры вяртанні ў асн. стан выпрамяняюць фатоны. Фатоны выбіваюць электроны з катода ФЭП, у выніку чаго ўзнікае імпульс току, які ўзмацняецца і рэгіструецца лічыльнікам. Нейтральныя часціцы (нейтроны, гама-кванты і інш.) рэгіструюцца за кошт другасных зараджаных часціц, якія ўтвараюцца пры іх узаемадзеянні з атамамі сцынтылятара.
т. 15, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)